ЗАМО́СЦЕНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 (па інш. звестках у 1649) А.С.Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н Мінскай вобл.). У 17 ст. пры З.к. была місія езуітаў, у 1865 забраны пад царкву. Мураваны 1-нефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асн. аб’ёму, 5-граннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Сцены нефа аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохвугольным франтонам і руставаным арачным уваходам, верагодна, перабудаваны ў 19 ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Грані апсіды прымыкаюць да нефа пад косым вуглом, па баках — выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы).

А.А.Ярашэвіч.

Замосценскі касцёл.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)